Беларуская Служба

На форуме «Беларусы годныя лепшага» заклікалі не дзяліць беларусаў

27.01.2025 17:25
Гатоўнасць да дыялогу – гэта прыкмета цывілізаванасці і даросласці. 
   .
Святлана Ціханоўская на форуме.Фота: фрагмент трансляцыі ў сацсетках.

Калі ў Беларусі праходзілі так званыя «выбары» прэзідэнта, на якіх Лукашэнка пераабраў сябе на сёмы тэрмін, у Варшаве дэмакратычныя сілы ладзілі альтэрнатыўныя мерапрыемствы. У польскай сталіцы беларусы правялі Марш «Не мой выбар» і Форум «Беларусы годныя лепшага».  

У падзеях удзельнічала кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская. Яна казала падчас форума «Беларусы годныя лепшага», што асноўная задача беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой – вяртаць Беларусь у павестку дня, каб у свеце не забывалі аб праблемах беларусаў.

- Той шлях, які мы зараз праходзім, мы праходзім упершыню і не заўжды разумеючы, што спрацуе, а што не. Але трэба спрабаваць, трэба працягваць працу, трэба эксперыментаваць, бачыць, якія добрыя справы мы ўжо робім. Трэба заўважаць пазітыўнае, трэба натхняць і любіць адзін аднаго. Наша актыўнасць сёння фармуе імідж Новай Беларусі. І толькі ад нашай актыўнасці залежыць, ці будуць успрымаць Беларусь як безнадзейную справу, ці як нацыю, якая бароніць сваю будучыню.

Пазней слова ўзяў старшыня Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Ён разважаў пра адносіны да свабоды і незалежнасці.

- Думаю, што для большасці з нас свабода і незалежнасць - гэта тыя два слова, якія ідуць разам. Але некаторыя нам кажуць: давайце адмовімся ад свабоды, каб захаваць ілюзорную незалежнасць. Уявіце сабе незалежную дзяржаву без свабодных людзей, а хто будзе бароніць гэтую незалежнасць?

Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка паказаў «пашпарт Новай Беларусі» - праект, які выклікае шмат эмоцый, надзей і расчаравання.

- Сёння няма ў міжнародным праве ніякага прэцэдэнту, да якога мы маглі б апеляваць. Мы праходзім гэты шлях упершыню і мы шукаем магчымасць, каб гэты пашпарт не толькі быў сімвалічным дакументам, але меў практычную карысць. Дэмакратычныя сілы працуюць над двума рашэннямі. Першае: вырашэнне пытанняў з легалізацыяй, пашпарты замежніка, каб не патрабавалі апастыль, каб вы атрымлівалі доўгатэрміновы ВНЖ ці міжнародную абарону. Гэта застаецца нашым прыярытэтам, каб тыя беларусы, якія церпяць ад пераследу рэжыму, не пакутавалі ў іншых краінах. Але ёсць рашэнні доўгатэрміновыя - гэта наш пашпарт, адно не пярэчыць іншаму. Гэты пашпарт не заменіць пакуль што ні вашых ВНЖ, ні пашпартоў замежніка. Але гэты пашпарт - гэта будучыня. Магчыма, што гэты пашпарт вернецца ў новую дэмакратычную Беларусь. І тое, што ён біяметрычны, тое, што ён электронны, дазволіць яму быць актуальным і 3, і 5, і 10 год наперад. 

Кіраўнік BYSOL Андрэй Стрыжак казаў пра салідарнасць – слова, якое набывае асаблівую вартасць на польскай зямлі.ён нагадае, што ў беларускай мове ёсць слова «талака», якое паказвае, што беларусы гатовыя разам дзейнічаць у карысць агульнага дабра або дзеля дапамогі камусьці.

- Ёсць тры слова на літару С, якія для мяне асабіста важныя. Гэта свабода. Свабода нас усіх ад таго, каб нас катавалі, каб нас прымушалі рабіць тое, што мы не хочам. Зараз я звяртаюся до тых беларусаў, якія знаходзяцца ўнутры краіны. Вас сёння прымушаюць, заганяюць на ўчасткі. Памятайце, што нават калі вы туды пайшлі, вы не з'яўляецеся саўдзельнікамі гэтага злачынства, таму што вас вымусілі. На шчасце, дзяржава яшчэ пакуль не ўмею залазіць нам у галовы і прымушаць нас думаць тое, што мы хочам. Другое С – гэта справядлівасць. Без справядлівасці, без грамадства, якой пабудаванае на праве, на тым, што ніхто нікому не можа зрабіць штосьці не па праве, ніхто не можа сказаць «часам не да законаў», можа быць пабудаваная сапраўдная сучасная дэмакратычная Беларусь. І трэцяе слова – гэта салідарнасць. З гэтых трох С складаецца ўсё тое, што для мяне з'яўляецца каштоўнасцю, тое, на чым пабудаванае нашае жыццё.

Былая палітзняволеная Алана Гебрамарыям распавяла, як у вельмі складаных умовах у турме яна нечакана атрымала падтрымку ад адваката, які быў прыхільнікам Лукашэнкі. Прыводзячы гэтую гісторыю, яна заклікала не дзяліць беларусаў на «правільных» і «няправільных».   

- Мы самі прызначаем сабе ворагаў. Мы дзелім беларусаў на такія і не такія. Але тады чым мы адрозніваемся ад рэжыму Лукашэнкі? Калі можам сказаць, што людзі, якія маюць супрацьлеглае меркаванне, не маюць права на існаванне, і людзі не маюць права на адсутнасць меркавання. Мы забылі, што будаваць дыялог з тымі, з кім мы не згодныя, не нападаючы на іх, не лічачы ворагамі – гэта нармальна. Бо гатоўнасць да дыялогу – гэта прыкмета цывілізаванасці і даросласці. 

На форуме «Беларусы годныя лепшага» выступалі таксама іншыя прадстаўнікі беларускай палітыкі, медыя і грамадзянскай супольнасці. Музычную частку запоўнілі, між іншым, Вольны хор і гурт KRÍWI.